НОВАІЕРУСАЛІ́МСКІ МАНАСТЫ́Р, Васкрасенскі манастыр,
архітэктурны комплекс 17 ст. ў г. Істра Маскоўскай вобл. Засн. ў 1656 патрыярхам Ніканам як падмаскоўная рэзідэнцыя патрыярха. У 17 ст. буйны культ. цэнтр. У ансамблі манастыра: Васкрасенскі сабор (1656—85, пабудаваны паводле плана храма Саламона ў Іерусаліме; у аздабленні сабора шырока выкарыстаны паліхромная кафля бел. майстроў І.Максімава, С.Палубеса, П.Заборскага, рэльефная разьба па дрэве К.Міхайлава і інш.), скіт Нікана (1658). трапезныя і бальнічныя палаты (1686), цэрквы Раства Хрыстова і Трохсвяціцельская, палац царэўны Таццяны Міхайлаўны. брацкія карпусы (усе 1686—98). каменная агароджа з шатровымі вежамі і «Святая брама» з надбрамнай царквой (1690—97, дойлід Я.Бухвостаў) і інш. У 1918 манастыр закрыты. З 1935 — Маскоўскі абл. краязнаўчы музей. У 1941 комплекс разрабаваны і спалены ням.-фаш. захопнікамі. На яго тэрыторыі створаны гіст.-маст. музей. Знаходзіцца на рэстаўрацыі (2000).
т. 11, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)